Суд - абшарпаны аднапавярхоўны будынак з чырвона-зялёным сцягам. Там адна вялікая заля і кабінеты суддзяў. Раніца 9.15. Заля забітая людзьмі. Некаторыя вымушаны стаяць, не хапае мейсцаў. На ўваходзе міліцыянт перапісвае дадзеныя ўсіх хто прыйшоў падтрымаць ксяндза Віталія Мышону.
- Усіх лельчыцкіх каталікоў перапісваеце? - пытаюся.
- Мы ўсіх перапісваем - бяззлобна адказвае міліцыянт.
Уваходжу ў залю.
- Niech będzie pochwalony Jezus Chrystus
- Na wieki wieków. Amen. - адказваюць усе адначасова.
У зале і тыповыя касцельныя бабулькі, што на сваіх плечах вынеслі бальшавіцкі антырэлігійны ўгар і маладыя людзі, якія адмыслова адпрасіліся з працы каб зазірнуць у вочы лукашысцкаму правасуддзю, якое вось ужо некалькі тыдняў мурыжыць мясцовых каталікоў.
Суддзя малады мужчына. Відавочна адчувае сябе няёмка. Так сама як і большасць сведкаў з боку ўладаў. Упэўнена сябе адчуваў толькі 21-гадовы галоўны архітэктар Лельчыцкага раёна Вячэслаў Асіпенка, які наступным чынам патлумачыў чаму яму не падабаецца каталіцкі крыж на ўездзе ў Лельчыцы
- Он самолетам и вертолетам конечно не мешает но выглядит не совсем эстетично - заявіў чыноўнік.
Суддзя выслухаў сведак і абвесціў перапынак да пятніцы. На выхадзе лельчыцкіх каталікоў чакала неазнакаваная камера, якая здымала ўсіх хто выходзіў з суда.
Паседжанне скончылася, а мяне доўга не пакідала ўражанне абсурднасці таго што адбываецца ў Лельчыцах і інфантыльнасці рэжысёраў антыкаталіцкай нагонкі.
У пятніцу фінал. Калі б суддзя кіраваўся "законам і толькі законам" ксяндза б апраўдалі. А так... Не буду загадваць. Паглядзім што ж вырашыла лельчыцкая "вертыкаль".