July 24th, 2009

rozha

Глыбокае





(с) Аляксей Салей. На здымку айцец Сергій Грамыка ў падвале сабора

Учора быў у Глыбокім

1. Сабор сапраўды вельмі прыгожы. Адразу каля яго будынак РАУС. У 1939-1941 гадах там месціўся райаддзел НКВД.

2. Падставай для звароту айца Сергія Грамыкі ў міліцыю і пракуратуру сталася знаходка касцей, якія былі замураваны пад лесвіцай у падвале сабора. Калі пачалі разбіраць сцяну то пабачылі, што там нейкі пакой у якім ляжаць косці людзей, фрагменты вопрадкі, пачак па варшаўскіх папяросах...

Цікава, што ў самым падвале знаходзяцца пахаванні розных часоў, гэта следчыя ахвотна ўчора паказвалі фотакарэспандэнтам і тэлекамеры Польскага Тэлебачэння. Таму сам факт знаходжання касцей у гэтым мейсцы напэўна не выклікаў бы падставаў для звароту ў праваахоўчыя органы.

Святар вось ужо 6 гадоў служыць у саборы і для яго факт наяўнасці пахаванняў у падвалах рэч вядомая. Як я зразумеў, менавіта тое, што былі бачныя прыкметы забойства (цяпер святар, які відавочна патрапіў пад ціск дзяржаўных органаў ужо гаворыць іншыя рэчы чым на пачатку) сталася прычынай ягонага рашэння звярнуцца ў праваахоўчыя органы.

3. Улады ўпіраюцца, што гэта пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. Тэзу гэтую яны пачалі раскручваць ад самага пачатку. На падцвярджэнне можна прывесці факт, што побач з саборам у часы вайны знаходзіліся казармы дзе была раскватэравана "армія" Гіль-Радзівонава.

4. Удалося паразмаўляць з старымі жыхарамі Глыбокага, якія памятаюць падзеі 1939-1944. Нажаль сведак якія маглі б распавесці пра людзей, якія пахаваны ў падвалы сабора не ўдалося знайсці.

І апошняе – Беларусь адзіная краіна, якая ніколі не супрацоўнічала з Польшчай у справе высвятлення лёсу забітых у перыяд 1939-1941 польскіх вайскоўцаў. Існуе так званая “беларускі спісак катынскі”. Гэта афіцэры, які былі этапіраваны ў Мінск з турмаў у Гродне і Брэсце. Тут іхны след згубляецца.

- Відавочна яны ляжаць у Курапатах – сцвярджае Кузьняцоў.

Вельмі актыўна супрацоўніцтва у справе высвятлення лёсаў грамадзянаў ІІ Рэчпаспалітай, якія загінулі ў часы сталінскіх рэпрэсій вядзецца ў Украіне. У значна меншай ступені, але усё ж вядуцца такія даследаванні ў Расеі.

Беларусь у гэтым плане цёмная пляма.

Гісторык Ігар Кузьняцоў лічыць, што гэта віна самой Польшчы, якая не прыкладае намаганняў.

Я ж лічу, што ў сувязі з тым, што верагоднае пахаванне польскіх афіцэраў – Курапаты ўлады будуць рабіць усё каб не прыцягваць да гэтага мейсца дадатковай увагі грамадства.